1
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Нацыянальны гістарычны музей пакажа малюнкі франтавых мастакоў

25.06.2019

Часовая экспазіцыя "Малюнкі франтавых мастакоў", прымеркаваная да Дня Незалежнасці Беларусі, адкрыецца ў Нацыянальным гістарычным музеі 28 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

На выстаўцы прадстаўлены 50 унікальных работ з фондаў Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея, сярод якіх малюнкі ўдзельнікаў Усходне-Прускай аперацыі 1945 года Ананія Глухава, Германа Філатава, Сяргея Чуканава. Усе працы - бясцэнныя сведчанні гісторыі, што аднаўляюць жывы вобраз салдата, які на сваіх плячах вынес франтавы цяжар.

Сярод твораў, прысвечаных франтавому жыццю, мноства малюнкаў "перад боем", "паміж баямі", "пасля бою". "Каштоўныя сведчанні мінулых дзён, яны вызначаюцца падкрэсленай прастатой, натуральнасцю, адсутнасцю пазіравання і наўмыснай экзальтацыі. Некаторыя малюнкі знаёмяць з побытам воінаў на кароткім адпачынку", - адзначылі ў музеі.

Большасць экзэмпляраў, што захоўваюцца ў фондах Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея, не пашкадаваў час: папера пажоўкла, пагнулася. На многіх малюнках сустракаюцца запісы, магчыма, зробленыя ў спешцы. У рабоце мастакі выкарыстоўвалі любыя даступныя матэрыя: розныя алоўкі, туш, акварэльныя фарбы.

"За гады вайны былі прызваны і пайшлі дабравольцамі на фронт больш за 900 членаў Саюза мастакоў СССР. Па-рознаму склаліся іх воінскія лёсы: многія былі паранены і забіты, аддаючы жыццё за перамогу, - сказалі ў музеі. - Заўсёды застаючыся прафесіяналамі, у час кароткага адпачынку мастакі малявалі партрэты байцоў, эпізоды баёў для баявых лісткоў і ваенных газет, сцэны акопнага быту. Вайна стала для іх драматычнай школай батальнага мастацтва".

Выстава "Малюнкі франтавых мастакоў" будзе працаваць па 28 ліпеня.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI

Усе навіны