Рэгіён
Раён створаны ў 1924 годзе пад назвай Старобінскі. У 1962 годзе ён быў далучаны да Любанскага раёну, а ў 1965 - адноўлены пад назвай Салігорскі.
Раённым цэнтрам з'яўляецца горад Салігорск з насельніцтвам больш 106,6 тысячы чалавек. Знаходзіцца ў 132 км на поўдзень ад г. Мінска і з'яўляецца буйным цэнтрам горна-хімічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь.
Салігорск - адзін з самых маладых гарадоў Беларусі. Яго будаўніцтва пачата ў 1958 годзе ў сувязі з прамысловым засваеннем Старобінскага радовішча калійнай солі.
У 1963 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю першы калійны камбінат, у 1965 году - другі, у 1969 году - трэці, у 1979 году - чацвёрты, у 2009 годзе - пяты, у 2012 - шосты.
Салігорскі раён размешчаны на поўдні Мінскай вобласці, мяжуе са Слуцкім, Любанскім, Капыльскім раёнамі Мінскай вобласці, Жыткавіцкім - Гомельскай, Лунінецкім і Ганцавіцкім - Брэсцкай вобласці. Яго плошча складае 2,5 тыс.кв. км, 35,8% якіх занята лясамі. Тэрыторыю раёна з поўначы на поўдзень перасякае аўтамагістраль Мінск - Мікашэвічы.
Адміністрацыйна раён дзеліцца на 11 сельскіх Саветаў. Колькасць насельніцтва, якое пражывае ў 170 населеных пунктах, складае 135,094 тыс. чалавек (у тым ліку 103.961 чалавек - гарадское).