1
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

На Стаўбцоўшчыне прайшоў забег «Шляхам Якуба Коласа»

21.06.2021

Упершыню на Стаўбцоўшчыне прайшоў рэспубліканскі трэйлавы бег «Шляхам Якуба Коласа». Прыгожыя мясціны на радзіме песняра гасцінна сустракалi спартсменаў і аматараў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія пераадольвалi дыстанцыі 6 і 10 кіламетраў, а таксама 30 км.

У адрозненне ад ранейшых забегаў, як адзначыла сябра Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Людміла Лучыновіч, вырашана прапанаваць удзельнікам максімальную 30-кіламетровую дыстанцыю, а не 20-кіламетровую, як звычайна.

Арганізатары не адыйшлі ад традыцыі сямейных і дзіцячых забегаў. Яны, дарэчы, карысталіся вялікім попытам, былі надзвычай відовішчнымі і моцнымі на падтрымку. Самыя маленькія ўдзельнікі, якім па 2-3 гадкі, дабягалі да фінішу на татавых плячах. 

Сапраўдным выпрабаваннем для бегуноў усіх узростаў стала спякотлівае надвор’е. На трох кропках — на старце і на фінішы (ля фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў Стоўбцах), а таксама на сярэдзіне дыстанцыі (на турбазе «Высокі бераг») дзяжурыла «хуткая дапамога». Арганізатары рэкамендавалі ўдзельнікам браць з сабой пітную ваду і выходзіць на старт у галаўным уборы.

Што значаць такія забегі, мы пацікавіліся ў генеральнага сакратара Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Веранікі Грэсь.

— Мы імкнемся развіваць бегавую культуру, спартыўны турызм не толькі ў Мінску, але і ў абласных і раённых гарадах, — зазначыла генеральны сакратар БФЛА. - Многія, пабачыўшы сёння такія цудоўныя краявіды, захочуць потым прыехаць сюды турыстамі — са сваімі блізкімі, сябрамі. Гэта вельмі добра.

— Вераніка, чаго вы чакалi ад сённяшняга спартыўнага свята?

— Добрых эмоцый, абнаўлення асабістых рэкордаў і матывацыі да новых перамог. Той, хто бегае, жыве крута!

Што свята ўдалося, сведчыць добры настрой і ўдзельнікаў, і мясцовых жыхароў, якія з задавальненнем далучыліся ў якасці гледачоў і балельшчыкаў.

Крынiца: Минская правда

Усе навіны